ХІМІ́ЧНА ЎСТО́ЙЛІВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы, якія характарызуюцца высокай устойлівасцю да дзеяння хімічна актыўных асяроддзяў (кіслот, шчолачаў, акісляльнікаў і інш.). Іх устойлівасць вызначаецца саставам, структурай, порыстасцю і інш. Падзяляюцца на метал. і неметал. (неарган., арган. і кампазіцыйныя).
Да метал. Х.ў.м. належаць сплавы на аснове жалеза (сталі і чыгуны), легіраваныя хромам, нікелем, марганцам і інш., некат. каляровыя металы (медзь, алюміній, тытан, цырконій) і іх сплавы. Найб. Х.ў.м. з’яўляюцца высакародныя металы. Сярод неарган. Х.ў.м. адрозніваюць прыродныя (базальт, граніты, даламіт, мармур, вапняк, кварцыты) і штучныя (сіталы тэхн., борасілікатнае і кварцавае шкло, эмалі, кераміка). Да Х.ў.м. арган. паходжання належаць прыродныя матэрыялы (драўніна, бітумы, асфальт) і сінтэтычныя (пластмасы. гума, графітапласты і інш.). Кампазіцыйныя Х.ў.м. маюць напаўняльнікі з неарган. рэчываў і сувязныя з арган. Х.ў.м.; вызначаюцца высокімі мех. трываласцю, цеплаўстойлівасцю, нізкай цеплаправоднасцю.
т. 17, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)